Квиз "Ручнікі"

Содержание:

  1. Утылітарныя ручнікі

  2. Абрадавыя ручнікі

  3. Дэкаратыўна-абрадавыя ручнікі

  4. Пытанне квіза


На працягу ХХ ст. традыцыйная культура беларусаў паступова знікала і да наша часу амаль знікла з паўсядзённага ўжытку. Сёння многія з’явы з  жыцця беларусаў, якія былі звычайнымі і не выклікалі здзіўлення яшчэ 50-60 гадоў таму назад, могуць здавацца дзіўнымі і неверагоднымі. Памяць пра іх захоўвае толькі старэйшае пакаленне, якое паступова сыходзіць, а разам з ім знікае і апошняе, што звязвае нас з тысячагадовымі традыцыямі беларускага народа.

Важнае месца ў традыцыйнай культуры беларусаў займае ручнік. Часта гаварылі, што ручнік суправаджае чалавека ад нараджэння і да смерці. Да таго ж ручнік – гэта бадай што адзіны элемент беларускай традыцыйнай культуры, які захоўвае сваё значэнне і сёння – рэдкае вяселлё абыходзіцца без таго, каб маладыя не станавіліся на ручнік у знак доўгага і шчаслівага сумеснага жыцця. Да таго ж арнаментальны ўзор, якім упрыгожвала свае ручнікі майстрыха з вёскі Клімавічы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці Матрона Сяргееўна Маркевіч, з’яўляецца часткай дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на тое, што шмат чаго аб’ядноўвае беларусаў у адзіны народ, большасць этнографаў сыходзяцца ў меркаванні аб існаванні 5 этнаграфічных рэгіёнаў на тэрыторыі Беларусі, кожны з якіх мае свае ўнікальныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Адным з гэтых рэгіёнаў з’яўляецца Панямонне, большую частку якога займае Гродзенская вобласць. Адной з галоўных асаблівасцей Панямоння з’яўляецца ўзаемапранікненне розных культур і рэлігій. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца Шчучыншчына, дзе цесна перапляліся беларуская, польская і літоўская культуры; праваслаўе і каталіцтва. Гэта ў сваю чаргу аказала значны ўплыў на матэрыяльную культуру рэгіёна, адной з праяў якой з’яўляюцца ручнікі.

Вашай увазе прапануюцца ручнікі сабраныя на тэрыторыі паўночнай часткі Шчучынскага раёна на працягу 2020-2021 гг. Сабраны матэрыял быў сістэматызаны ў выглядзе навука-даследчай працы і прадстаўлены на шэрагу навукова-даследчых канферэнцый. Пры напісанні работы былі выкарыстаны ручнікі з фондаў музея ДУА “Навадворская сярэдняя школа”, Спаса-Праабражэнскай царквы ў г.п. Астрына, Царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Нарашы. У сувязі з гэтым хацелася б выказаць словы падзякі Хвайніцкай Г.І., дырэкатару ДУА “Навадворская сярэдняя школа”, Будзько М.Я., загадчыку музея ДУА “Навадворская сярэдняя школа”, а. Аляксею (Талмазану), настаяцелю Спаса-Праабражэнскай царквы ў г.п. Астрына, а. Анатолю (Казакевічу), настаяцелю царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Нарашы.

 


Пытанне квіза

Адна з назваў гэтай групы ручнікоў была запазычана з польскай мовы, дзе мае значэнне “кайма з нітак і шнуркоў”. У сваю чаргу ў польскую мову гэта слова гэта слова трапіла з нямецкай, дзе азначае “кістачкі, якія атрымоўваюцца ў выніку разрэза тканіны і звязвання паміж сабой доўга выступаючых нітак”. Часцей за ўсё такі ручнік уяўляў сабой белы кавалак тканіны, упрыгожаны на канцах карункамі ці вытканым геаметрычным узорам. Мы не пытаем вас як называлі такі ручнік па ўсёй тэрыторыі Беларусі, адкажыце як называлі яго на Шчучыншчыне.


Дэкаратыўна-абрадавыя ручнікі

Яшчэ адну вялікую групу ручнікоў складаюць  дэкаратыўна-абрадавыя ручнікі. Такія ручнікі надзвычай багата і прыгожа аздабляліся і выкарыстоўваліся падчас розных абрадаў, якія супараваджалі чалавека ад нараджэння і да смерці. Адпаведна з абрадам, падчас якога выкарыстоўваўся той ці іншы ручнік, ён і атрымліваў сваю назву: радзільны, вясельны, пахавальны і г.д. Адпаведна з прызначэннем кожны ручнік упрыгожваўся сваім, часта ўнікальным, узорам.

Першым з дэкаратыўна-абрадавых ручнікоў з’яўляецца радзільны ручнік. На гэты ручнік клалі немаўля адразу пасля нараджэння. Таксама гэтым ручніком накрывалі дзіця ў калысцы да хрэсьбінаў. Нейкіх асаблівых характарыстык для такога ручніка не існавала. Некаторыя з апытаных намі ўказвалі, што існаваў асаблівы ручнік для радзінаў, аднак нічога пра яго афармленне і аздабленне ніхто сказаць не змог, што можа сведчыць пра тое, што ён знік з ужытку ўжо дастаткова даўно.

Большасць этнографаў указвае, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі ручнік меў выключнае значэнне ў правядзенні абраду хрышчэння. Гэты абрад шмат чым адрозніваўся ў розных рэгіёнах Беларусі, адрозніваўся і ручнік, які выкарыстоўваўся на хрэсьбіны. Падчас апытання ніхто з апытаных не ўспомніў не толькі пра выкарыстанне ручніка на хрэсьбінах, а нават і пра нейкія асаблівасці правядзення абраду. Гэта можа сведчыць пра тое, што і сам абрад хрэсьбінаў як унікальны народны абрад і спецыяльны ручнік для правядзення зніклі даўно, і таму на сённяшні дзень не пакінулі нават слядоў у народнай памяці.

Самым распаўсюджаным відам дэкаратыўна-абрадавых ручнікоў з’яўляецца вясельны ручнік, і нават да гэтага часу ён часта выкарыстоўваецца падчас вяселля. Вяселльны ручнік абавязкова выкарыстоўваўся ў двух выпадках. Па-першае, на ручнік ступалі маладыя або ў царкве, або пасля вяртання з царквы. Такі ручнік заўсёды асобным спосабам упрыгожваўся: на канцах ручніка вышываліся сіметрычна размешчаныя пеўні, паўліны, салаўі і г.д. Галоўнай асаблівасцю такога аздаблення ручніка было тое, што фігуры на ім вышываліся так, каб яны глядзелі адзін на аднаго. Другім момантам вясельнага абраду, падчас якога выкарыстоўваўся ручнік, была перадача маладым іконы, разам з якой перадаваўся і ручнік. Гэты ручнік уяўляў сабой разнавіднасць набожніка, аднак яго галоўнай асаблівасцю было тое, што абавязкова яго ткала і вышывала нявеста. Часам ручнік падпісвалі, вышываючы на ім імя дзяўчыны. Таксама аздабленне гэтага ручніка было больш багатым і раскошным. Усе апытаныя намі асобна вылучалі вясельныя ручнікі і называлі некаторыя асаблівасці іх выкарыстання падчас вясельнага абраду, аднак нейкай асобнай назвы для вясельнага ручніка яны не называлі.

 

Спецыяльным відам абрадавых ручнікоў з’яўляецца пахавальны ручнік. Такі ручнік выкарыстоўваўся толькі пры пахаванні для апускання труны з нябожчыкам у магілу. На большасці тэрыторыі Беларусі пасля пахавання такім ручніком перавязвалі перакладзіну крыжа, пры гэтым, калі хавалі мужчыну, то павязвалі ручнік на правы бок, а калі жанчыну – то на левы. Памеры такога ручніка адрозніваліся: калі яго шырыня заставалася нязменнай, то даўжыня дасягала да 5 м. Падчас апытання была высветлена пэўная асаблівасць пахавальных ручнікоў паўночнай часткі Шчучынскага раёна: свае пахавальныя ручнікі былі ў кожнай вёсцы, а пасля пахавання імі не перавязвалі перакладзіну крыжа, а захоўвалі ў сям’і нябoжчыка разам са спецыяльнымі дыванамі для ўпрыгожвання воза, на якім вязлі нябожчыка, а калі ў вёсцы паміраў хто-небудзь наступны, то гэтыя прадметы перадаваліся ім. Пры гэтым і ручнікі, і дываны не захоўвалі ў доме, а толькі ў нежылых памяшканнях: гумне, свіране і інш. Такое адрозненне, на наш погляд, тлумачыцца не столькі ўнікальнасцю абраду, колькі тым, што такія ручнікі цяжка было выткаць і з цягам часу знікалі майстрыхі, якія маглі б гэта зрабіць, што і прыводзіла да змен у абраднасці.

Яшчэ адзін своеасаблівы від ручнікоў - гэта намітка, або ручнік, які выкарыстоўваўся ў якасці жаночага галаўнога ўбору. Ручнік пакрываў галаву жанчыны, а яго канцы мудрагеліста абмотвалі галаву і шыю. Аднак падчас апытання ніхто з апытаных не згадваў пра такі ручнік і па назве, і па функцыянальным прызначэнні. Гэта можа сведчыць аб тым, што намітка як элемент жаночага гардэробу і своеасаблівы ручнік знікла дастаткова даўно.

Такім чынам, назвы, памеры і прызначэнне ручнікоў паўночнай часткі Шчучынскага раёна маюць некаторыя этнаграфічныя асаблівасці. Гэтыя асаблівасці можна тлумачыць як узаемапранікненнем розных этнічных і канфесійных плыняў, так і тым, што фіксавалі мы дадзеныя асаблівасці не ў час дзеяння і росквіту абрадаў, а ў час, калі яны амаль што зніклі, і таму гэтыя асаблівасці могуць з’яўляцца вынікам паступовага знікнення ручніка з паўсядзённага ўжытку.

 

свернуть

Абрадавыя ручнікі

Асобную разнавіднасць ручнікоў, распаўсюджаных па ўсёй тэрыторыі Беларусі, складаюць так званыя абрадавыя ручнікі. Часцей за ўсё абрадавыя ручнікі ўяўлялі сабой падоўжаны кавалак тканіны даўжынёй ад 2 да 5 м. Часта такія ручнікі аздабляліся складанымі ўзорамі, якія выконваліся пры дапамозе розных спосабаў ткання. Важным спосабам аздаблення такіх ручнікоў была вышыўка. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся геаметрычны або раслінны арнамент. Таксама аздабляліся карункі, якімі ўпрыгожваліся канцы ручніка, на іх пры дапамозе кручка вывязвалі геаметрычны або раслінны арнамент. Выкарыстоўвалі такія ручнікі для накрывання абразоў. Этнографы фіксуюць некалькі варыянтаў назвы для такіх ручнікоў: “набожнік”, “набожны платок”, “багавік”, “наабразнік”, “абразны ручнік”. Жыхары паўночнай часткі Шчучынскага раёна называюць такі ручнік “накутнік”, або “чырвоны ручнік”. Паходжанне такіх назваў можна тлумачыць тым, што абразы змяшчаліся ў  чырвоным куце, або покуці. Яшчэ адным тлумачэннем паходжання назвы “чырвоны ручнік” можа быць той факт, што для аздаблення такога ручніка часцей за ўсё выкарыстоўваўся чырвоны колер. Большасць этнографаў указвае на тое, што розныя ручнікі маглі выкарыстоўвацца ў розныя святы і перыяды посту, аднак падчас апытання нам такую інфармацыю атрымаць не ўдалося.

свернуть

Утылітарныя ручнікі

 

Першая група атрымала назву утылітарных, або бытавых. Гэта ручнікі, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці: імі выціралі твар і рукі. Часцей за ўсё такія ручнікі ўяўлялі сабой белы кавалак тканіны, упрыгожаны на канцах карункамі, зрэдку на іх маглі выткаць нейкі геаметрычны ўзор. Для беларускага Панямоння агульнаўжывальнай назвай такіх ручнікоў з’яўляецца “ўцірач”, “уцірка”, “трапкач” “брэндзал”. Жыхары паўночнай часткі Шчучынскага раёна называюць такі від ручнікоў “выцірач”, што ў цэлым з’яўляецца мясцовым варыянтам назвы .


Яшчэ адной разнавіднасцю ўтылітарных ручнікоў з’яўляецца “скарач”. Ён уяўляў сабой квадратны кавалак тканіны з падоўжанымі, да 50 см., махрамі. Асноўным прызначэннем такога ручніка з’яўлялася выціранне посуду. Таксама пры дапамозе такога ручніка зручна было прыносіць ежу ў час работы на полі. Укрыты такім чынам гаршчок з ежай даўжэй захоўваў тэмпературу, а, дзякуючы падоўжаным махрам, канцы ручніка можна было звязаць паміж сабой,  і таму посуд з ежай было зручна насіць. Большасць апытаных намі апісвалі такі ручнік па прызначэнні і знешнім выглядзе, аднак не вылучалі для яго асобнай назвы. Гэта можа сведчыць аб тым, што такі ручнік адносна даўно выйшаў з ужытку, таму яго назва не захавалася.

Яшчэ адным відам утылітарных ручнікоў з’яўляецца “надзежнік”. Гэты від ручнікоў уяўляе сабой падоўжаны кавалак тканіны, упрыгожаны простым геаметрычным арнаментам і карункамі. Такімі ручнікамі накрывалі дзяжу з рошчынай (замешанае цеста, з якога потым выпякаецца хлеб). Акрамя гэтага, “надзежнік” выкарыстоўвалі падчас прыходу гасцей і пры ўрачыстым паднашэнні хлеба і солі. Апытаныя намі ўспаміналі, што, падчас прыходу сватоў, на стол клалі “надзежнік”, вытканы і вышыты дзяўчынай, якую прыйшлі сватаць.


 

свернуть
поделиться в: